Далучэнне дашкольнікаў да вытокаў народнай культуры з дапамогай малых форм фальклора
У працэсе адраджэння нацыянальнай культуры і самасвядомасці важнае месца належыць фальклору - асноўнаму багаццю нашых продкаў, дзякуючы якому захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў.
На практыцы ў сем’ях ўдзяляецца мала ўвагі нацыянальнаму фальклору, нягледзячы на тое, што беларускі народ мае багатую фальклорную спадчыну, створаную спецыяльна для дзяцей.
Працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці доўгі і складаны, і пачынаць яго трэба перш за ўсе з азнаямлення з родным краем, непасрэдна ўключваючы сродкі вуснай народнай творчасці.
Так праводзячы назіранні за прыгажосцю роднай прыроды, можна выкарыстоўваць творы вуснай народнай творчасці (забаўлянкі, песенкі, пацешкі, вершы), пазнавальныя гутаркі ў вольнай форме, тэматычныя прагулкі і экскурсіі,
назіранні ў прыродзе, святы і забавы.
Малыя фальклорныя жанры- мініяцюрныя паэтычныя творы, створаныя для дзяцей, якія маюць канкрэтны педагагічны кірунак. Яны ўпрыгожваюць мову бацькоў, робяць яе вобразнай і прыгожай, прыцягваюць увагу дзяцей. Забаўлянкі, пястушкі прыносяць радасць дзецям, выклікаюць у іх жаданне паўтараць словы за дарослымі, выконваць заданні.
Пястушкі выкарыстоўваюцца ў розных рэжымных момантах: пад гукі гэтых вершаў і песень дзеці ахвотна мыюцца, прымаюць ежу, займаюцца. Жыццё дзіцяці становіцца цікавейшым, ярчэйшым, а ў яго самога лепш развіваюцца памяць, мысленне, увага, маўленне, а калі яно выконвае канкрэтныя рухі, то развіваюцца каардынацыя, узгодненасць, спрытнасць. У час расказвання пястушкі спярша выкарыстоўваецца нагляднасць, потым тлумачыцца сэнс новых слоў, улічваюцца вопыт і веды дзяцей.
Калыханкі - першыя для дзяцей ўзоры мастацкага слова. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых.
Ходзіць кот па сенажаці.
Кліча сон ён для дзіцяці.
ой, сонечку-галубочку,
Прыспі маю Волечку.
У беларускім фальклоры шмат прыказак і прымавак. Дзеці з інтарэсам успрымаюць іх кароткі змест. Многія прыказкі і прымаўкі маюць павучальнае значэнне: яны ўсхваляюць працавітасць, гаспадарлівасць, умельства, вучаць любіць родны край, Радзіму, асуджаюць гультайства, зайздрасць – усё адмоўнае. Падбіраюцца яны па канкрэтнай тэме: пра Радзіму, працу, хлеб, навуку, поры года, з’явы прыроды, народныя прыкметы.
Павучальнасць прыказак і прымавак разумеецца дзецьмі паступова, і глыбіня іх разумеецца ў большай меры залежыць ад таго, насколькі часта выкарыстоўваюцца яны ў патрэбных момантах. Асабліва часта нашы выхаванцы прымяняюць іх у працоўнай дзейнасці, пры выкананні адказных даручэнняў.
Загадка – кароткае паэтычна-вобразнае апісанне прадмета або з’явы, якое даецца, як правіла, у форме пытання і адгадваецца па другарадных адзнаках, па прыкметах падабенства.
Лічыцца, што галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека мастацка-вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рычаіснасць. У мінулым загадка служыла сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей, іншасказальная, загадкавая форма з поспехам выкарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах. Загадкі, песні-загадкі надзвачай шырока ўжываліся ў вясельных абрадах, напрыклад, з мэтай “праверкі” разумовай сталасці жаніха.
Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстроўвала гаспадарчую і творчую дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, побыт, працу, жывёльнасць, расліннасць, будову сусвету і да нашых дзён мае вялікае эстэтычна-мастацкае значэнне для выхавання дзяцей.
Загадкі:
Без кораня, а расце. (Камень)
Без ног бяжыць, без воч глядзіць. (Вада)
Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)
Цераз мяжу брат брата не бачаць. (Вочы)
Яркую акрэсленую выхаваўчую накіраванасць маюць беларускія народныя песні. Праз іх тэксты, лексіку дзеці ўзбагачаюць уяўленні аб наваколлі, прыродных з’явах, знаёмяцца з прыладамі працы, бларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальнымі стравамі, значна пашыраецца актыўны слоўнік.
Праз песню знаёмім выхаванцаў з лепшымі рысамі характару беларусаў: шчырасцю, чуласцю, сціпласцю, уважлівасцю. Фальклорныя песня дапамагае развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей, падрыхтоўвае да выканання пэўных сацыяльных роляў.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць народныя святы і абрады. Яны задавальняюць дапытлівасць дзяцей, іх эстэтычныя патрэбы, цягу рухаў, фарміруюць творчае
мысленне, пабуджаюць да супрацоўніцтва, вучаць пазнаваць беларускую культуру. Поспех засваення мастацкіх твораў залежыць ад таго, наколькі яны зразумелыя дзецям і даюць магчымасць выконваць ролі адпаведных персанажаў, песень, суправаджаць спевы мімікай, рухамі. Калі для спеваў малодшых дзяцей найбольш даступным песенным матэрыялам з’яўляюцца калыханкі, забаўлянкі, невялікія песенькі, то асаблівае месца ў старшых дзяцей займаюць песні, карагоды, гульні, якія можна вывучыць да народных свят.
Усё гэта дае магчымасць вырашыць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасці дзяцей, сфарміраваць цікавасць да народнай творчасці, у гульнёвай форме далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры.
Выкарыстанне твораў народнай творчасці аказвае асаблівы ўплыў на выхаванне патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай самасвядомасці.
Выхоўваючы патрыёта, нацыянальна свядомага чалавека, фальклор адначасова задавальняе патрэбу дзіцячай душы ў гульні, жарце, асваенні свету.