Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Калi ласка, пачытайце дзецям казкi!

Дата: 25 марта 2017 в 17:01, Обновлено 24 января 2019 в 10:43

Изображение

Калi ласка, пачытайце дзецям казкі!

Засваенне дзецьмі беларускай мовы  ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з'яўляецца руская. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад некаторых дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках. 
Аднак паўнавартасная беларускамоўнае асяродзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З іншага боку, стыхійнае авалоданне беларускай мовай прыводзіць да змешвання рускага і беларускага маўлення дзяцей.
Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.

    Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць ў гэтым. Паступова яны ўводзяць малога ў стыхію народнага словы, раскрываюць яго багацце і прыгажосць. З'яўляюцца ўзорам прыгажосці мовыі. Народныя казкі, спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў. 

    Зараз дадзеная праблема становіцца яшчэ больш актуальнай.  Недахоп часу ў бацькоў, адсутнасць актывізацыі беларускай мовы з боку бацькоў - прыводзіць да праблем развіцця маўлення дзяцей. На жаль, дзіця больш часу праводзіць за кампутарам, чым у жывым асяроддзі. З прычыны гэтага, творы народнай творчасці практычна не выкарыстоўваюцца нават ў малодшым узросце. Дашкольны ўзрост - гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмі гутарковага мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнай, лексічнай, граматычнай. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з'яўляецца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым вальней яны будуць  карыстацца ей ў далейшым.

   Але жыццё ў рэчышчы народнай культуры не можа быць навязана бацькам. Яно можа быць толькі вынікам натуральнага выбару кожнага чалавека, які бачыць менавіта ў гэтым карысць для дзяцей і адчувае пульс роднай культуры ў самім сабе..  Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач — гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу.
Усё гэта ёсць у казках.
    Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі — гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям.
Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Вашая ўвага, Вашыя абдымкі, Вашая сіла і абарона,  Вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям.
    Казкі — гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму. Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям на беларускаяй мове. А мы вам у гэтым дапапожам. 

Аб каралевiчу-чараўнiку

Быў сабе адзін бедны чалавек. Меў ён сына, але не мог яго пры сабе трымаць, бо быў дастаткова бедны. Так аднаго разу і кажа:
– Хадзем, сынку, дзе ў свет. Мо, аддам я цябе на навуку да якога майстра.
– А што рабіць… Добра, татку!
Вось і пайшлі яны. Ідуць яны так, ідуць, ажно недзе ў лесе спатыкае іх нейкі стары чалавек ды пытае:
– Куды ж вы ідзяце?
– Іду ў свет. Мо, дзе сына аддам да майстра на навуку.
– О, то мо мне аддайце? Я яго за тры леты ўсяму вывучу.
Той чалавек узрадаваўся, што не трэба далей ісці, пакінуў сына, а сам, згарнуўшыся, пайшоў дахаты, не ведаючы, што ён чараўніку сваё дзіця пакінуў.
Ажно жыве сын у таго чараўніка год, два, тры – нічога не вучыць. Ужо тры тыдні да трэцяга году не ставала, тады вядзьмак і кажа да яго:
– Напалі-ка ты мне ў печы.
Ён напаліў, каліто* аж чырвона.
– Лезь, – кажа чараўнік на хлопца, – у печ.
Яму валасы дыбарам сталі, але думае сабе: “Будзе горай, як не паслухаюся”. Так і ўлез. Ажно там не горача! Паляжаў крыху, а чараўнік кажа:
– Вылазь!
Ён зараз жа вылез, тады ўлез чараўнік. А паляжаўшы крыху, вылез дый кажа:
– Ну, дзяціна, будзеш ты разумнейшы ад мяне, – аддае яму такое лычка* ды кажа далей. – Як ужо цябе бацька забярэ, то зможаш перакідвацца ў коней, сабак ды ўсё, што захочаш.
І навучыў яго, як гэта рабіць трэба.
– Адно скажы свайму бацьку – каб не браў за цябе на кірмашы больш за сто злотых. Дый каб лычка часам не аддаваў. Бо як пакіне на табе, то ты ўжо не зможаш перакінуцца ў чалавека.
У той самы дзень пайшоў хлопец у лес, ажно якраз угледзеў свайго бацьку. Падбег да яго дый кажа:
– За тры нядзелькі прыйдзіце ўжо па мяне. А нас там такіх многа, то чараўнік перакідвае нас у коней, галубоў, паненак. Дый скажа, каб вы мяне пазналі. То помніце: як перакідвае ў каня, то я прытулю правае вуха, а калі перакіне нас у галубоў, то ўсе будуць галовы пад крыламі трымаць, а я высаджу дзюбачку з-пад правага крылца, а калі ў паненак, то я буду крыху вышэйшаю за іншых.
Сказаўшы гэта, развітаўся з бацькам дый пайшоў назад.
У тры нядзелькі якраз прыходзіць яго бацька да чараўніка. Чараўнік затрубіў у мядзведзеву трубу, аж бач, з усіх старон пазляталіся коні ржаныя. А гэта ж усё былі хлопцы. Тады чараўнік кажа:
– Ну, чалавеча, пазнавай жа цяпер свайго сына. Ці прызнаеш?
Той ходзіць ад каня да каня, глядзіць, ажно ў аднаго прытулена вуха правае.
– Ці патрапіў, ці не, але гэта, мусіць, ці не мой сын?
– Няўжо ж гэта праўда? Гэта ён.
Потым перакідаў іх у галубоў, так ягоны сын высадзіў дзюбачку, а бацька і кажа:
– Вось то мусіць гэта.
– Ну, гэтыя разы адгадаў якраз. Паглядзім жа, цяпер ці пацэліш.
Дый перакінуў усіх у паненак. І на гэты раз бацька, перайшоўшы раз-другі, стаў каля найвышэйшай дый кажа:
– От гэта мой сын.
– Ну, няма што, браце, круціць. Забірай сябе яго, – і гэта кажучы, перакінуў яго ў хлопца, а тыя астатнія паразляталіся ва ўсе бакі.
Чалавек падзякаваў чараўніку, узяў сына за руку дай пайшоў дахаты. Ідуць яны так, ідуць, ажно ў лесе сталі птушкі спяваць. А хлопец кажа:
– Тату, знаеце, што яны спяваюць?
– Ці ж хто гэта знае.
– А я такі знаю! Яны кажуць, што я буду ногі мыць, а тата будзе тую ваду піць.
– О, ужо ж гэтага не дачакаешся ты, – кажа бацька. – Каб я тую ваду піў.
– Ну, паглядзім.
І пайшлі далей. Прыходзяць дахаты, пабылі там дні са два, ажно сын тады кажа да бацькі:
– Тата, я перакінуся ў каня, а вы злажыце на мяне гэтае лычка і павядзіце мяне на кірмаш. Адно, тата, не бярыце больш як сто злотых, і лычка купцу не аддавайце. Да гэтага, кажучы, я ізноў перакінуся ў каня.
Бацька, злажыўшы лычыка на яго, прыводзіць на кірмаш, адно зараз жа і знайшоўся купец ды пытае:
– Колькі ж просіце?
– Сто злотых, – кажа.
Пакупнік без торгу выняў зараз жа грошы і даў бацьку. А той, зняўшы з каня лычка, пайшоў дахаты. Ідзе так, ідзе, калі аглянецца – ажно бяжыць конь за ім. Падбегшы, перакінуўся ў хлопца дай пайшоў з бацькам дахаты.
На другі кірмаш перакінуўся ён ужо ў уогера*. Прывёў бацька яго да месца, пастаяў крыху, ажно падыходзіць нейкі чалавек. Гэта быў той самы чараўнік, але ж бацька яго не пазнаў.
– Колькі вы за яго, – кажа, – хочаце?
– Тысячу рублёў!
– Добра, калі не ўступіце, – выняў грошы ды заплаціў. Нагу закінуў на каня і пасунуўся. А той бацька тады агледзеўся ды крычыць:
– Паночку! Аддайце лычка маё! Аддайце!
– Эээ, годзе. Не ў мяне ты лычка дастанеш!
Ну, бацька – няма рады – пайшоў дамоў дахаты.
Ажно той чараўнік, прыехаўшы да сябе, наклаў у лесе дроў, паставіў кацёл з вадою, падпаліў дый уогера папярок таго агню паставіў. Тая пара з катла стаўпом на яго верне, а ён, небарака, стаіць, бо чараўнік лычка не зняў. Ужо стала гэта цела ковалам адпадаць, ажно ўгледзела гэта жонка чараўніка, падбегла ды – шах! – лычка скінула. Уогер уцякаць, а чараўнік за ім. Прылятаюць пад бераг ракі, і стаў ён акунём, а чараўнік – шчупаком. І давай таго акуня ганяць. Ажно над берагам нейкая дзеўка з каралеўскага двара хусцё мыла, так хлопец стаў харошым пярсцёнкам і ўскочыў той дзеўчыне на палец. Яна адраклася ад таго хусця дый пабегла з пярсцёнкам да каралеўны. Каралеўна, угледзеўшы, не магла не здзівіцца, бо такі быў харошы пярсцёнак, і купіла яго ў тае дзеўкі.
Надыйшоў вечар. Ад таго пярсцёнка такі бляск б’е, як у белы дзень ад сонейка. Каралеўна днём носіць на пальцы, а ўночы кладзе яго пад падушку. Тады ён перакідваецца ў хлопца і гаворыць з ёю – усё, што хоча.
За колькі ж дзён прыходзіць чараўнік да каралеўны і кажа, што дасць за той адзін парсцёнак пятнаццаць харашэйшых. А яна, падумаўшы, кажа:
– Тое добра! Адно прыйдзіце ж заўтра.
Як легла ўжо спаць, так хлопец ёй і кажа:
– Як прынясе заўтра чараўнік пярсцёнкі, вы, як будзеце мяне даваць, упусціце на зямлю, то я перакінуся ў мак, а то вы на адно зярнятка наступіце. А як чараўнік ужо ўсё пазбірае, то нагу падыміце.
Яна так і зрабіла. Назаўтра прыходзіць чараўнік і падае ёй тыя пярсцёнкі, а яна, яму свайго даючы, упусціла на зямлю – поўна ў пакоі зрабілася маку. Тады чараўнік перакінуўся ў пеўня і стаў збіраць той мак. Як пазбіраў, яна нагу падняла – так з тога зярнятка маку зрабіўся шуляк! І задзёр пеўня.
Потым ужо, канечне, каралеўне захацелася пайсці за хлопца таго замуж, бо надта ён быў ёй даспадобы. Так усё ўжо улажылі, ён паслаў па сваіх бацькоў – да іх жа недалёка было. Так іх перанеслі, як яны спалі, што яны нічога і не зналі – паклалі іх у палацы у такім харошанькім пакоі, што ай-ёй! Назаўтра прачнулася яго маці, як гляне – ажно ўваччу заззяла. Думала, што ў раі. Ды давай будзіць дзеда:
– Дзеду-дзеду, устань. Абач! Мусіць, мы ў раі – глядзь, якое ўсё харошае!
– Мусіць, у раі!
Адно ўваходзіць іх сын дый, прывітаўшыся, расказвае ім усё чыста.
Таго дня даў ім на вячэру селядцоў і слугам загадаў вады даваць, а сам узяў у нештась вады, усунуў адну нагу, другую, а тады, як заснулі бацькі ў сваіх пакоях, паставіў тую ваду ля іх. Дзед прачнуўся, захацелася вады. Мац, мац – ажно стаіць. Так ён і напіўся адтуль! А яго сын з-пад дзвярэй услухаў, забег у пакоі дый кажа:
– А што, тату, уласна я вам не казаў, што я буду ногі мыць, а вы гэтую ваду піць?
– Але, сынку. Казаў.
– А то ж я ў гэтай вадзе ногі мыў. А вы яе выпілі.
– Ну, калі вада чысценькая і ножкі твае чысценькія…
Неўзабаве ажаніўся ён з тою каралеўнаю, а па смерці яе бацькі, кролем яго абралі. А на тым вяселлі і я быў. Мёд-віно піў, па барадзе цякло, а на губе не было!

Бык i ваўкi

Насіў бык па горадзе косы, прадаваў, каму трэба. Тады на быка, якога звалі, дарэчы, Быска, гавораць:
– Нашто табе косы?
А бык адказвае:
– Буду касіць!
Пайшоў у двор, выкляпаў касу ды падаўся касіць. Косіць бык, ідзе да быка воўк і гаворыць:
– Ты Быска?
– Я Быска.
– Сена косіш?
– Кашу.
– Рагамі круціш?
– Кручу.
– Хвастом мелеш?
– Мялю.
– Ці баішся ты мяне?
– Я вас дзесяцярых не баюся.
Воўк пайшоў шукаць другога ваўка. Знайшоў і гаворыць:
– Там косіць бык, надта дужы. Аднаго мяне не баіцца.
Пайшлі ўдвух ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:
– Ты Быска?
– Я Быска.
– Ты сена косіш?
– Кашу.
– Рагамі круціш?
– Кручу.
– Хвастом мелеш?
– Мялю.
– Ці баішся ты нас дваіх?
– Не баюся.
Пайшлі ваўкі шукаць трэцяга ваўка. Знайшлі і гавораць:
– Там косіць бык, надта ж дужы. Нас дваіх не баіцца.
Пайшлі ўтраіх ваўкі да быка. Ідуць і гавораць:
– Ты Быска?
– Я Быска.
– Ты сена косіш?
– Кашу.
– Рагамі круціш?
– Кручу.
– Хвастом мелеш?
– Мялю.
– Ці баішся ты нас траіх?
– Не баюся.
Пайшлі ваўкі шукаць чацвёртага ваўка. Знайшлі і гавораць:
– Там косіць бык, надта дужы, нас траіх не баіцца.
Пайшлі чацвёра ваўкоў да быка. Ідуць і гавораць:
– Ты Быска?
– Я Быска.
– Ты сена косіш?
– Кашу.
– Рагамі круціш?
– Кручу.
– Хвастом мелеш?
– Мялю.
– Ці баішся ты нас чацвярых?
– Не баюся.
Пайшлі ваўкі шукаць пятага ваўка. Знайшлі і гавораць:
– Там косіць бык, надта дужы, нас чацвярых ён не баіцца.
Пайшлі пяць быкоў да ваўка. Ідуць і гавораць:
– Ты Быска?
– Я Быска.
– Ты сена косіш?
– Кашу.
– Рагамі круціш?
– Кручу.
– Хвастом мелеш?
– Мялю.
– Ці баішся ты нас пяцярых?
– Не баюся.
Пайшлі ваўкі шукаць шостага. Тады бык ужо трохі спалоўхаўся і пайшоў назад у двор. Прыйшоў у свой двор, касу выкляпаў, а каня навучыў брыкаць, а казла навучыў таўчы, а барана навучыў бадаць, а пеўня навучыў дзерці. Тады ваўкі прыйшлі ўшасцёх на луг, а быка няма. Яны пайшлі да быка ў двор. Прыйшлі і гавораць:
– Ага, Быска, спалохаўся нас!
– Не, я не спалохаўся, а захацеў палуднаваць, дык і пайшоў у двор.
Тады яны – за быка, а бык іх касой, а конь пачаў брыкаць, а казёл стаў таўчы, а баран пачаў бадаць, а певень пачаў дзерці – ледзьве іх не забілі, ледзьве тыя ваўкі ўцяклі.

Зайкава хатка

Жылі-былі ў адным лесе лісіца і заяц. Жылі яны адзін каля другога блізка. Прыйшла восень, стала холадна, уздумалі яны сабе хаткі збудаваць. Вось лісіца узвяла сабе хатку са сняжку, а заяц – з пяску. Пражылі зімку, дачакаліся вясны. У лісіцы хатка растала, а зайчыкава – выстаяла. Прыйшла лісіца, выгнала зайчыка, стала сама там жыць у яго хатцы. Сядзіць зайка пад бярозай і плача. Ідзе воўк.

– Чаго ты, зайка, плачаш?

– Як жа мне не плакаць? Жылі мы з ліскай блізка. Стала холадна, збудавалі мы сабе хаткі. Я сабе – з пяску, а лісіца – са сняжку. Прыйшла вясна, яе хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне выгнала з маёй хаткі і сама цяпер жыве там. Вось я сяджу ды плачу. Падсабі гора гараваць.

– Ну, хадзі, я яе выганю.

Пайшоў воўк, стаў на парозе:

– Вылазь, ліса, вон! Бо скіну з печы, паб’ю табе плечы!

А лісіца не лезе з печы дый гаворыць:

– Мой хвост шорсткі, як дам – дык павалішся!

Спалохаўся воўк лісінага хваста, пабег і зайца кінуў. Сеў заяц зноў пад бярэзінаю і плача. Ідзе па лесе мядзведзь. Убачыў зайку дый пытае:

– Чаго ты, зайка, плачаш?

– Як жа мне не плакаць? Жылі мы з ліскай блізка. Прыйшла восень, пабудавалі мы сабе хаткі. У яе хатка са сняжку, а ў мяне – з пяску. Прыйшла вясна, лісчына хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне выгнала з тае хаткі, сама там жыве. А я сяджу ды плачу. Падсабі гора гараваць.

Пайшоў мядзведзь лісіцу выганяць. Узыйшоў на парог, а лісіца і пытае:

– Хто там? Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!

Спалохаўся мядзведзь таго хваста, кінуў зайца ды бегчы. Зноў сеў зайчык пад бярозай і жаласна плача. Аж ідзе па лесе певень. Убачыў ён зайку і пытае:

– Чаго ты, зайка, плачаш?

Зайка стаў жаліцца пеўню:

– Жылі мы з лісіцай блізка. Узвялі сабе хаткі побач. Я сабе – з пяску, а лісіца – са сняжку.  Прыйшла вясна, лісіцына хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне і выгнала з маёй хаткі.

– Пайду-тка я яе выганю!

Плача зайка, не верыць.

– І дзе табе, Пеця, выгнаць? Воўк гнаў – не выгнаў, мядзведзь гнаў – не выгнаў.

– Не, хадзі, паспрабуем.

Вось і пайшлі. Увайшоў певень у хату, стаў на парозе і крычыць:

– Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу ліску засячы!

А лісіца і кажа:

– Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!

А певень не спалохаўся, скочыў з парога на падлогу і зноў крычыць:

– Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу ліску засячы!

А яна адказвае:

– Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!

А пятух усё бліжэй, бліжэй падыходзіць ды як ускочыць на пяколак! А лісіца скок з печы далоў, певень да яе, а яна – за парог! А зайка і дзверы за ёй зачыніў! І сталі зайка з пеўнем удвух жыць.

Сынок з кулачок

Быў сабе дзед і баба. Доўга яны жылі, ды дзяцей не мелі. Раз пайшла баба ваду браць у калодзежы. Зачарпнула вядром дый паглядзела, ці поўна зачарпнула. Паглядзеўшы, бачыць: каліва гароху на дне ляжыць. Баба дастала ды з’ела. Вось яна ад гэтага гароху і затаўсцела-зацяжарыла. Панасіла колькі і нарадзіла сына маленькага – з кулачок.
Адзін раз дзед паехаў у поле араць ды сказаў бабе, каб прынесла яму ў поле абедаць. Баба згатавала абед ды хоча ўжо несці ў поле, ажно Сынок з кулачок кажа:
– Мама, я панясу.
Баба спалохалася ды кажа:
– Куды ж ты панясеш? Ты ж такі маленькі! Ты ж поля не ведаеш!
– Знайду, мамка!
Маці ўсё падрыхтавала, а сынок як сеў вярхом на гаршчкі, ды так шпарка паехаў, што ні вокам змігнуць. Пад’ехаўшы да бацькі, ён паставіў гаршчкі, а сам схаваўся за горку і крычыць:
– Тата, хадзі абедаць!
Бацька агледзеўся ды нікога не ўбачыў. Ды зноў сабе арэ. А сынок другі раз кліча:
– Тата, хадзі абедаць!
Бацька зноў яго не ўбачыў. А ён як выйшаў на горку, ды як закрычыць:
– Бацька, ідзі ўжо абедаць!
Бацька яго ўбачыў і пайшоў. А сынок – на саху вярхом, ды давай араць! Каля гэтай нівы тым часам ехаў адзін пан. Угледзеў, як Сынок з кулачок арэ, і пытаецца ў мужыка, ці не прадасць ён хлопчыка. А мужык кажа:
– Каля пана воля хоча, дык я і задарма аддам!
Пан даў мужыку тысячу рублёў. А сабе ўзяў хлопчыка ў кулачок, закруціў яго ў насоўку ды схаваў у кішэню. Сынок вылез з кішэні дый скочыў з воза на дарогу, а пан, не заўважыўшы, паехаў далей. Сынок сыйшоў з дарогі і схаваўся ў траве. А па дарозе ідуць злодзеі і паміж сабою гамоняць:
– Пойдзем у пана ўкрадзем вала!
А сынок пачуў гэта і крычыць з травы прыдарожнай:
– А я раскажу!
Злодзеі папужаліся таго голасу ды кажуць:
– Хто гэта там? Хадзі з намі!
Сынок з кулачок выйшаў і пайшоў з імі. Прыйшоўшы да панскай пуні, дзе стаялі быкі, пачалі вырашаць:
– Хто ж палезе ў пуню?
А Сынок з кулачок кажа:
– Я!
І палез у пуню. Падыйшоў да быкоў ды закрычаў:
– Якога вам быка ўзяць?
Пан пачуў гэта ды прыбег з цяплом у пуню, але не ўбачыў нікога, ды вярнуўся зноў дадому. А сынок выбраў сабе самага лепшага быка ды вывеў злодзеям. Злодзеі ўзялі быка ды зарэзалі, а коўб* кінулі на дарозе. А самі паехалі. Сынок з кулачок застаўся ды ўлез у коўб. Прыйшоў з лесу воўк ды з’еў той коўб. А Сынок з кулачок як стаў крычаць у сярэдзіне ваўка! Звяруга спужаўся дый кажа:
– Што хочаш, я зраблю. Толькі ж не крычы!
А сынок кажа:
– Вязі мяне да таткі!
Воўк і павёз. Як толькі прыехалі яны да дзвярэй, то сынок і стаў крычаць:
– Тата-тата! Адчыняй дзверы!
Бацька і адчыніў.
– Бяры, бацька, таўкач ды бі ваўка!
Бацька забіў ваўка, садраў шкуру, вырабіў і пашыў сыночку шубу.

Каза ў арэхах

Пайшоў казёл з казой у арэхі – казёл шчыпле, каза есць. Нашчыпалі тры мяхі, а чацвёрты – шалухі!

– Каза-каза, хадзем дадому!

– Не, не пайду!

Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пачакай жа, каза! Нашлю я на цябе ваўкоў! Ваўкі-ваўкі! Ідзіце казу есці!

Ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пачакайце ж, ваўкі! Нашлю я на вас мядзведзя! Мядзведзь-мядзведзь! Ідзі ваўкоў драць!

Мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пачакай жа, мядзведзь! Нашлю я на цябе стральцоў! Стральцы-стральцы! Ідзіце мядзведзя біць!

Стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, стральцы! Нашлю я на вас вяроўкі! Вяроўкі-вяроўкі! Ідзіце стральцоў вязаць!

Вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь! Агонь-агонь, ідзі вяроўкі паліць!

Агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду! Вада-вада! Ідзі агонь тушыць!

Вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў! Валы-валы! Ідзіце ваду піць!

Валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, валы, нашлю я на вас даўбні! Даўбні-даўбні! Ідзіце валоў біць!

Даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, даўбні! Нашлю я на вас тапары! Тапары-тапары! Ідзіце даўбні сеч!

Тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, тапары! Нашлю я на вас камяні! Камяні-камяні! Ідзіце тапары тупіць!

Камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, камяні! Нашлю я на вас чарвей! Чэрві-чэрві! Ідзіце камяні тачыць!

Чэрві не ідуць камяні тачыць, камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, чэрві! Нашлю я на вас курэй! Куры-куры! Ідзіце чарвей дзяўбці!

Куры не ідуць чарвей дзяўбці, чэрві не ідуць камяні тачыць, камяні не ідуць тапары тупіць, тапары не ідуць даўбні сеч, даўбні не ідуць валоў біць, валы не ідуць ваду піць, вада не ідзе агонь тушыць, агонь не ідзе вяроўкі паліць, вяроўкі не ідуць стральцоў вязаць, стральцы не ідуць мядзведзя біць, мядзведзь не ідзе ваўкоў драць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, няма казы з калёнымі.

– Пастойце ж, куры! Нашлю я на вас каршука! Каршук-каршук! Ідзі курэй драць!

Каршук пайшоў курэй драць, куры пайшлі чарвей дзяўбаць, чэрві пайшлі камяні тачыць, камяні пайшлі тапары тупіць, тапары пайшлі даўбні сеч, даўбні пайшлі валоў біць, валы пайшлі ваду піць, вада пайшла агонь тушыць, агонь пайшоў вяроўкі паліць, вяроўкі пайшлі стральцоў вязаць, стральцы пайшлі мядзведзя біць, мядзведзь пайшоў ваўкоў драць, ваўкі пайшлі казу есці. Ёсць каза з арэхамі! Ёсць каза з калёнымі!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.