Мая маленькая Радзiма
Датай узнікнення Ліды лічаць 1323 год — пачатак узвядзення Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. Ліда належала непасрэдна вялікім князям Гедзіміну, Кейстуту, Альгерду, Ягайлу, Вітаўту.
Лідскі раённы Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" заснаваны ў 2003 годзе. У 2010 годзе Цэнтр рамёстваў размясціўся ў новым памяшканні ў цэнтры горада, дзе супрацоўнікі атрымалі магчымасць па-новаму праявіць сябе ў культурным жыцці рэгіёна.
22 верасня 2010 года ў Лідзе адкрыты Літаратурны музей. Музей адкрыты як філіял Лідскага гістарыч-мастацкага музея. Музей адкрыўся ў доміку каля замка, у якім у 1939 - 1941 гадах жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Домік ацалеў у вайну, быў прыведзены ў парадак, абкладзены цэглай у канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў 20-га стагоддзя.
25 ліпеня 1993 года, падчас працы 1-га З’езду беларусаў свету тут, у Лідзе, быў адкрыты першы манументальны помнік незалежнай Беларусі, помнік першадрукару. Ідэя пастаноўкі помніка Ф. Скарыну ў Лідзе належыць старшыні моладзевай суполкі “Рунь” Марыі Саўкевіч (цяпер Марыя Мацко, дырэктар карціннай галярэі “Крыга” ў Гародні). Праводзіла ідэю ў жыццё Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны, якую ў той час узначальваў Міхась Мельнік. Аўтар помніка скульптар Валяр’ян Янушкевіч, архітэктар Рычард Груша. Ну і, канешне, горад Ліда. Менавіта на горад (старшыня выканкаму ў той час – Уладзімір Малец) легла асноўная нагрузка: і фінансавая, і арганізацыйная.